Праз пяць гадоў пасля агульнанацыянальных пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года палітычна матываваныя рэпрэсіі працягваліся. Урад пераследаваў усе формы іншадумства і выкарыстоўваў палітычна матываваныя абвінавачанні супраць актывістаў-праваабаронцаў і журналістаў.
У лютым група экспертаў ААН па Беларусі папярэдзіла, што працягваюцца шырокамаштабныя парушэнні правоў чалавека, і некаторыя з іх раўнасільныя злачынствам супраць чалавечнасці.
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне.
Катаванні і жорсткае абыходжанне з палітвязнямі
Беларускія ўлады працягнулі практыку палітычна матываваных судовых пераследаў у сувязі з масавымі пратэстамі ў 2020 годзе, а таксама практыку сфабрыкаваных абвінавачанняў у «экстрэмізме» і ў здзяйсненні іншых правапарушэнняў. У снежні 2025 года не менш за 1 110 чалавек заставаліся за кратамі па палітычна матываваных прысудах.
З сакавіка 2025 года расклад судовых пасяджэнняў больш не дасяжны ў адкрытым доступе, што выключае доступ да інфармацыі аб палітычна матываваных судовых працэсах.
Палітвязні па-ранейшаму пакутуюць ад жорсткага абыходжання, ізаляцыі і катаванняў. Некаторыя з іх утрымліваюцца пад вартай без сувязі са знешнім светам на працягу доўгага часу, што раўназначна катаванню і можа ўяўляць сабой гвалтоўнае знікненне.
У 2025 годзе дзясяткі палітвязняў сутыкнуліся з новымі сфабрыкаванымі абвінавачваннямі ў «злосным непадпарадкаванні» і з іншымі абвінавачваннямі, якія падаўжаюць іхныя і без таго працяглыя тэрміны турэмнага зняволення.
Адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі працягвалі адмаўляць, што палітвязні пазбаўленыя належнай медыцынскай дапамогі. Дзесяткі з іх сутыкаліся з больш высокімі рызыкамі для здароўя з-за сваіх захворванняў, якія пагаршаюцца дрэннымі ўмовамі ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі. У 2025 годзе як мінімум два палітвязні — Андрэй Паднябенны і Валянцін Штэрмер — памерлі за кратамі па невысвятленых прычынах. Тры былых палітвязня памерлі на працягу дзевяці месяцаў пасля вызвалення: іхнае здароўе было падарвана невыноснымі ўмовамі ўтрымання пад вартай.
Улады працягвалі зламысна пераследваць у судовым парадку сваякоў палітвязняў і тых, хто праяўляў салідарнасць з імі.
Вызваленне палітвязняў
У перыяд са студзеня па верасень 2025 года па прэзідэнцкім памілаванні было вызвалена не менш як 74 палітвязня. 52 з іх, чыё вызваленне, відаць, узгаднялася з афіцыйнымі прадстаўнікамі ЗША, былі прымусова вывезеныя ў Літву праз беларускую мяжу.
11 верасня апазіцыйны палітык Мікола Статкевіч, які правёў пяць гадоў у турме па сфабрыкаваным абвінавачанні ў «арганізацыі беспарадкаў», збег з аўтобуса (на якім вызваленых вязняў сілком вывозілі за мяжу) і адмовіўся перасекчы мяжу з Літвой. Праз некалькі гадзінаў беларускія ўлады вярнулі яго ў Беларусь. Паведамляецца аб тым, што прадстаўнікі ўладаў праінфармавалі ягоную жонку аб тым, што ён быў вернуты за краты, аднак на момант напісання гэтага матэрыялу ўлады хавалі падрабязнасці яго месцазнаходжання і стану яго здароўя.
У снежні аналагічным чынам ва Украіну і Літву дэпартавалі яшчэ 123 зняволеных, у тым ліку вядомых праваабаронцаў з «Вясны»: Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча.
Улады пераследавалі былых палітвязняў, якія заставаліся ў Беларусі пасля вызвалення, падвяргаючы іх рэгулярным даглядам і вылучаючы супраць іх новыя крымінальныя абвінавачанні, змушаючы шмат каго з іх пакінуць краіну.
Рэпрэсіі, накіраваныя на праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў і апазіцыю
Улады працягвалі выстаўляць палітычна матываваныя абвінавачванні супраць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, у тым ліку супраць праваабарончых груп, ілжыва называючы іх «экстрэмістамі» або «тэрарыстамі». У 2025 годзе ўлады прызналі дзесяткі актывістаў «асобамі, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» ці да «тэрарыстычнай дзейнасці». Любое ўзаемадзеянне з такімі арганізацыямі або асобамі з'яўляецца правапарушэннем, якое пераследуецца па законе.
На момант напісання гэтага матэрыялу ў месцах пазбаўлення волі заставаліся як мінімум тры выбітных праваабаронцы: Наста Лойка, Валянцін Стэфановіч і Марфа Рабкова. У сакавіку Рабочая група ААН па адвольных затрыманнях заклікала беларускія ўлады неадкладна вызваліць Марфу Рабкову і сплаціць ёй кампенсацыю за адвольнае затрыманне.
Улады падвяргалі незалежных журналістаў вобыскам, штрафам, канфіскацыі іх прылад і крымінальнаму пераследу, каб адпомсціць за іхную працу. Яны таксама пераследавалі журналістаў, якія знаходзяцца ў выгнанні, і падвяргалі іх сем'і вобыскам і іншаму прыгнёту.
На момант падрыхтоўкі дадзенага агляду ў зняволенні знаходзіліся як мінімум 28 журналістаў і іншых супрацоўнікаў СМІ. У 2025 годзе па палітычна матываваных абвінавачваннях было затрымана не менш як 12 журналістаў.
Улады працягвалі называць крытычныя і незалежныя крыніцы інфармацыі «экстрэмісцкімі», уключаючы акаўнты незалежных СМІ ў сацыяльных сетках, платформы для падпісання анлайн-петыцый і ліставання палітвязням, а таксама ўніверсітэт у выгнанні. Падпіска на такія крыніцы ў Інтэрнэце, каментары і «лайкі» на такіх рэсурсах, і адпраўка спасылак на іх з'яўляецца ў Беларусі крымінальнай справай, што сур'ёзна падрывае свабоду выказвання меркаванняў і доступ да інфармацыі.
Адвакаты, якія прадстаўлялі інтарэсы кліентаў у палітычна матываваных справах, сутыкаліся з адвольным адкліканнем іхных ліцэнзій і з затрыманнямі. На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу як мінімум шэсць адвакатаў — Аляксандр Данілевіч, Віталь Брагінец, Анастасія Лазарэнка, Юлія Юрхілевіч, Аляксей Бародка і Сяргей Хлыстоў — адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад шасці да дзесяці гадоў па палітычна матываваных прысудах. У лістападзе былая адвакатка Кацярына Жаўтанога, пазбаўленая ліцэнзіі адваката за абарону інтарэсаў пратэстоўцаў у 2020 годзе, атрымала прысуд — хатні арышт за «распальванне нянавісці».
Улады таксама рэпрэсавалі кампаніі і іхных супрацоўнікаў, якія падтрымлівалі мірныя антыўрадавыя пратэсты ці выказваліся аб парушэннях правоў чалавека.
У ліпені ўлады надалі статус «арганізацыі, якая ўдзельнічае ў тэрарыстычнай дзейнасці,» Аб'яднанаму пераходнаму кабінету Беларусі — апазіцыйнаму ўраду ў выгнанні.
Палітычна матываваныя рэпрэсіі, накіраваныя на беларусаў у выгнанні
У 2025 годзе беларускія ўлады ўсё больш актыўна ўжывалі «спецыяльную вытворчасць» для правядзення крымінальных расследаванняў і завочных судоў у дачыненні да дзясяткаў актывістаў, якія знаходзяцца ў выгнанні. Супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзілі ператрусы ў хатах актывістаў у Беларусі, затрымлівалі і дапытвалі іхных сваякоў, канфіскоўвалі іхную маёмасць.
У лютым у выніку ўнясення зменаў у заканадаўства быў пашыраны спіс артыкулаў Крымінальнага кодэкса, справы па якіх могуць расследавацца ў межах «спецыяльнай вытворчасці»: у спіс такіх артыкулаў дадалі «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», «абразу або паклёп у дачыненні да Прэзідэнта», «абразу службовай асобы» і іншыя артыкулы, якія звычайна выкарыстоўваюцца для палітычна матываванага пераследу.
У сакавіку ўлады абвясцілі у міжнародны вышук Алега Агеева, намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, які быў абвешчаны «экстрэмістам».
Улады таксама ўсё часцей правяраюць і затрымліваюць па палітычна матываваных абвінавачваннях беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы.
Выбары прэзідэнта
У студзені адбыліся прэзідэнцкія выбары, у выніку якіх Лукашэнка абвясціў, што ён на іх перамог. Праваабаронцы і міжнародныя эксперты задакументавалі шматлікія парушэнні міжнародных стандартаў свабодных і справядлівых выбараў.
Рэпрэсіі ў дачыненні да асоб, якія выступаюць супраць удзелу Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны
Беларусь працягнула дазваляць расейскім войскам выкарыстоўваць сваю тэрыторыю, як гэта адбывалася з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года. Улады працягвалі пераслед асоб за салідарнасць з Украінай.
У лютым праваахоўныя органы атрымалі доступ да «Беларускага гаюна» — чат-бота ў мэсэнджэры Telegram, створанага для паведамленняў аб перасоўваннях расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі — і абвінавацілі не менш як 26 чалавек ў «саўдзельніцтве ў экстрэмізму» за распаўсюджванне фотаздымкаў і інфармацыі.
Мігранты
Мігранты, у тым ліку дзеці, па-ранейшаму знаходзіліся ў бязвыхадным становішчы на беларускім баку мяжы з Польшчай і сутыкаліся з жорсткім абыходжаннем з боку беларускіх службовых асоб. Праваабарончыя групы працягвалі фіксаваць выпадкі гібелі людзей на дзяржаўнай мяжы.
У жніўні незалежныя эксперты ААН занепакоіліся з-за дэпартацыі маладой гвінейскай жанчыны з Беларусі ў Рэспубліку Гвінея, у той час як яе немаўля засталося ў Беларусі.
Сэксуальная арыентацыя і гендэрная ідэнтычнасць
У красавіку Міністэрства культуры ўнесла змены ў сваю пастанову «Пра эратычную прадукцыю...», каб класіфікаваць «гомасэксуалізм, лесбійскае каханне» і «жаданне жыць і ўспрымацца іншымі як асоба супрацьлеглага полу» як «нетрадыцыйныя палавыя адносіны і (або) палавыя паводзіны», тым самым выклікаючы асцярогі, што выявы аднаполых адносін і трансгендэрных людзей будуць класіфікавацца як парнаграфія.
Міжнародныя суб'екты
У снежні 2024 года Еўрапейскі Звяз унёс старшыню Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Аляксея Швакова ў свой санкцыйны спіс з-за той ролі, якую ён адыграў у дапамозе і ў падбухторванні да рэпрэсій з боку дзяржавы ў дачыненні да незалежных адвакатаў у Беларусі.
У сакавіку беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі накіравалі свае заявы ў Пракуратуру Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) ў кантэксце яго папярэдняга расследавання патэнцыйных злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі з 2020 года. Негледзячы на тое, што Беларусь не з'яўляецца чальцам МКС, Літва, з'яўляючыся чальцам МКС, звярнулася ў пракуратуру з патрабаваннем расследаваць злачынствы, якія, як мяркуецца, учыняліся часткова на яе тэрыторыі.
У траўні Літва падала пазоў супраць Беларусі ў Міжнародны суд ААН, абвінаваціўшы Беларусь у парушэнні Пратакола ААН супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, мору і паветры, зрэжысаваўшы міграцыйны крызіс.
У чэрвені Камітэт па ўжыванні стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) вынес пераканаўчыя заключэнні аб парушэннях Беларуссю свабоды асацыяцыі і іншых свабод, прызначыў спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі і стварыў рабочую групу МАП і іншых устаноў ААН па Беларусі.
У верасні ў сваёй справаздачы Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі заявіла, што «любая ініцыятыва па барацьбе з беспакаранасцю ў Беларусі [не павінна] абмяжоўвацца прававымі мерамі, а [павінна] забяспечваць усе асноўныя правы ахвяр на пакрыццё шкоды, выяўленне ісціны і гарантыі непаўтору».